АДАМ ГЛОБУС. Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Дзяржынску, аднак ужо праз год сям’я пераехала у Мінск. Паэт, празаік, мастак. Культавая фігура сучаснай беларускай літаратуры і мастацтва. Новая кніга Адама Глобуса «Сняжынка» пабачыла свет у 2023 годзе – напярэдадні Каляд. Сабраныя пад адной вокладкай хайку апавядаюць самыя розныя гісторыі прыгод і нягод.
ІГНАЦІ БАГДАШЭЎСКІ. (1809 – каля 1870). Жыў у фальварку Антосіна на Койданаўшчыне (цяпер Фаніпальскі с/с Дзяржынскага р-на). Паэт, грамадскі дзеяч. Выбіраўся маршалкам шляхты Мінскай губерніі (1841). Аўтар паэтычнага зборніка «Некалькі балад і аповесцей» (Вільня, 1826), які выдаў ананімна.
КАНДРАТ КРАПІВА. (1896 – 1991). Знакаміты літаратар нарадзіўся ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям'і. Але пасля перабраўся ў мястэчка Койданава, якоя цяпер завецца Дзяржынскам. Пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Аўтар шматлікіх сатырычна-гумарыстычных кніг, п’ес.
На ж/д станцыі «Негарэлае» бывалі і іншыя вядомыя пісьменнікі і паэты. Справа ў тым, што тут праходзілі такія маршруты, як «Негарэлае–Уладзівасток», «Маньчжурыя–Стоўбцы», «Парыж–Негарэлае». У ліку беларускіх літаратараў, якія наведвалі населены пункт, былі Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Лынькоў, Пімен Панчанка, Максім Танк, Іван Шамякін і інш.